Подписка на обновления  RSS  Письмо редактору
Бацька і сын: адзін шлях на дваіх
9:31, 02 мая 2017

Бацька і сын: адзін шлях на дваіх


У сем’ях, дзе ў органах унутраных спраў служаць два, тры і больш пакаленняў, такія паняцці, як патрыятызм, гонар, службовы доўг, з’яўляюцца не проста словамі. У такіх сем’ях павага да службы, вернасць абавязку, аўтарытэт прафесіі прывіваюцца з дзяцінства. Капітан міліцыі Максім Урбан на прыкладзе свайго бацькі Уладзіміра Анатольевіча, які амаль 30 гадоў прысвяціў службе ў органах унутраных спраў, выдатна разумеў, наколькі цяжкая прафесія міліцыянера. Пры гэтым заўсёды ведаў, што гэта і яго шлях.

Уладзімір Анатольевіч Урбан родам з в. Налібакі. Пасял заканчэння школы, праходзіў службу ў пагранічных войсках на мяжы Украіны і Румыніі. Затым некаторы час працаваў на заводзе газавай апаратуры.
– У міліцыю я прыйшоў у 1985 годзе, – расказвае Уладзімір Анатольевіч. – Першы службовы вопыт набываў у патрульна-паставой службе ў в. Гірдаўка. Затым паступіў у Мінскую сярэднюю спецыяльную школу міліцыі імя М.В. Фрунзе. Пасля заканчэння ў 1991 годзе па размеркаванні быў накіраваны участковым інспектарам у Томскую вобласць. У Сібір паехаў ужо з жонкай Галінай Станіславаўнай. Там нарадзіўся сын Максім, а праз некалькі гадоў – дачка Вольга.

– Служба ўчастковага мне падабалася. Нягледзячы на тое, што яна займала вельмі шмат часу, я з самага пачатку ўсвядоміў, што гэта і ёсць маё прызванне, – працягвае размову У.А. Урбан. – Але нам з жонкай заўсёды хацелася вярнуцца на Радзіму. Таму праз тры гады я перавёўся ў Навагрудскі РАУС і быў назначаны ўчастковым інспектарам Шчорсаўскага сельскага савета, якім служыў да самага выхаду на пенсію (да 2013 года). Сапраўдным жывым прыкладам дастойнага міліцыянера для мяне стаў Іван Арсеньевіч Каратай, які некалі з’яўляўляўся ўчастковым інспектарам Любчанскага сельсовета.

– Па колькасці населеных пунктаў мой участак быў не самы вялікі ў раёне, але праблем напачатку было даволі шмат. Чаго толькі варты «самагоншчыкі». А колькі здзяйснялася крадзяжоў, у тым ліку ў магазінах. Напрыканцы службы такога «багацця» правапарушальнікаў і злачынстваў, вядома, ужо не было, – успамінае Уладзмір Анатольевіч. – Што датычыцца тэхнічнага аснашчэння, то спачатку аўтамабіль прадаставіў калгас (у тыя гады гэта была звычайная практыка). Пазней кіраўніцтва РАУС выдзяліла службовы УАЗ. А ключы ад новых «Жагулёў» я прымаў з рук губернатара, калі быў прызнаны лепшым участковым вобласці.

Прынцыповасць, справядлівасць і ўважлівыя адносіны да кожнага чалавека – якасці, без якіх, па меркаванню Уладзіміра Анатольевіча, служыць ў міліцыі годна і добрасумленна немагчыма. Цікавы момант. На час водпуску Уладзіміра Анатольевіча паведамленняў ад грамадзян станавілася ў разы менш. І не таму, што правапарушэнні і злачынствы не здзяйсняліся. Проста людзі амаль не звярталіся да супрацоўніка, які замяняў Урбана, а чакалі прыезду свайго ўчастковага.

Як і многія калегі Уладзімір Анатольевіч таксама прымаў удзел у ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
– Хто ж, калі не мы – сціпла кажа мой субяседнік.
Уладзімір Анатольевіч прывык шмат працаваць і прыносіць карысць людзям. Пасля выхаду на заслужаны адпачынак, узначаліў службу аховы мясцовай гаспадаркі. Аркамя таго, ён з’яўляецца камандзірам добраахвотнай дружыны Шчорсаўскага сельскага савета – адной з лепшых дружын у раёне. І ў працы, і ў дзейнасці дружыны службовы вопыт Уладзіміра Анатольевіча проста бясцэнны. І па сённяшні дзень мясцовыя жыхары звяртаюцца да былога ўчастковага за парадай і дапамогай.

Сына Максіма з дзяцінства прыцягвала служба ў міліцыі. Заўсёды прасіўся выехаць з бацькам па паведамленнях, а калі Уладзімір Анатольевіч не мог яго ўзяць, абавязкова чакаў яго са службы і з непадробнай цікавасцю распытваў, што здарылася. Максіма захапляла не знешнасць (міліцэйская форма, пісталет), а менавіта працэс выяўлення парушальнікаў, раскрыцця злачынстваў. Хлопчык умеў назіраць і заўважаць тое, на што звычайны чалавек проста не звярне ўвагі, быў вельмі кемлівым і з дзяцінства навучыўся ацэньваць учынкі і паводзіны людзей.

– Аднойчы я ўзяў сына ў рэйд з ДАІ. Для дэталёвай праверкі дакументаў і аснашчэння было спынена адразу некалькі аўтамабіляў. Вадзіцелі, якія ўжо «адчыталіся», цішком перадавалі іншым аптэчкі і вогнетушыцелі, упэўненыя, што іх ніхто не бачыць. Вядома, на хлопчыка ўвагі ніхто не звяртаў. І дарма, – усміхаецца Уладзмір Анатольевіч. – Такіх выпадкаў у дзяцінстве Максіма было шмат. Таму ў нас з жонкай не было ні якіх сумненняў наконт будучай прафесіі сына.

– Пасля заканчэння Шчорсаўскай сярэдняй школы я паступіў у Акадэмію МУС на следча-экспертны факультэт, – уступіў у размову Максім. – Пасля заканчэння ў 2011 годзе працаваў следчым у Навагрудскім РАУС (у той час следчыя падраздзяленні ўваходзілі ў структуру органаў унутраных спраў). Праз паўгода пасля рэарганізацыі следчага аддзела, мне прапанавалі застацца ў райаддзеле, але я не хацеў губляць кваліфікацыю, таму да мая 2013 года працаваў у Мастоўскім раённым аддзеле Следчага камітэта. Работа следчага вельмі важная, але даволі руцінная і ў большай ступені звязана з дакументамі. Мне ж хацелася больш актыўнай службы, «жывой» работы з людзьмі. Таму, калі бацька сказаў, што хоча пайсці на пенсію, я вырашыў паспрабаваць сябе ў якасці ўчастковага. Вельмі ўдзячны кіраўніцтву Навагрудскага РАУС, што далі мне такую магчымасць. Вопыт, атрыманы ў якасці ўчастковага інспектара Шчорсаўскага сельсавета, дазволіў мне ў жніўні 2015 заняць на пасаду старшага інспектара па ахове грамадскага парадку аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС, на якой я нясу службу па сённяшні дзень.

Уладзімір Анатольевіч і Максім Урбаны з гонарам расказваюць аб сваёй прафесіі, бо лічаць яе высакароднай справай, якая не кожнаму па плячы. Тым, хто хоча связаць сваё жыццё са службай у органах унутраных спраў, мае субяседнікі раяць усвядоміць, што гэта справа складаная, небяспечная і можна сказаць кругласутачная. Гэта павінны разумець і родныя. Жонка Максіма Вольга час ад часу скардзіцца, што муж шмат часу праводзіць на службе, але ведае, што інакш не будзе. Сімвалічна, што іх дзеці нарадзіліся напярэдадні Дня беларускай міліцыі – 3 сакавіка (сын у 2015 годзе, а дачка – сёлета, у год 100-годдзя беларускай міліцыі). Магчыма, хтосьці з іх працягне справу дзядулі і бацькі і на Навагрудчыне з’явіцца міліцэйская дынастыя Урбанаў.

Ссылка на официальный сайт uvd.grodno.by обязательна

Анастасія ПЯТРОВА, г. Навагрудак

Об авторе: Пресс-служба УВД Гродненского облисполкома


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *