Подписка на обновления  RSS  Письмо редактору
<h5>Ёсць такая прафесія…</h5>
9:29, 02 мая 2017

Ёсць такая прафесія…

Першы намеснік начальніка Навагрудскага РАУС, начальнік крымінальнай міліцыі, падпалкоўнік міліцыі Віктар Сямёнавіч Шайпак служыць Закону больш за 15 гадоў. Мужны, вытрыманы, з роўным тэмбрам голасу і бляскам у вачах. Вопытны і ў той жа час яшчэ малады. Міліцыянер не толькі па прафесіі, але і ў душы. Віктар Сямёнавіч расказаў пра сябе і не толькі.

Не выпадковасць, а лёс

Віктар Сямёнавіч нарадзіўся і вырас на Радзіме паэта Яна Чачота ў в. Малюшычы Карэліцкага раёна. Бацькі Сямён Сямёнавіч і Соф’я Іванаўна усё жыццё працавалі ў калгасе. У вялікай і дружнай сям’і ён – самы малодшы. Любощ, увагу, клопат і ад бацькоў, і ад братоў з сястрой ён адчуваў пастаянна. І цяпер гэта любоў і цеплыня адчуваецца ў кожным яго слове пра родных. З дзяцінства прывучаны шмат працаваць, Віктар Сямёнавіч ніколі не баяўся складанасцяў.

Пасля заканчэння сярэдняй школы ў 1997 годзе В.С. Шайпак паступіў у Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь на следча-экспертны факультэт, дзе вучыўся ў экспертнай групе.

– Выбар прафесіі не быў выпадковым. На той час многія родныя служылі ва ўзброных сілах і органах унутраных спраў. Сярод их – старэйшы брат Міхаіл, які з дзяцінства ва ўсім з’яўляўся для мяне прыкладам, – расказвае Віктар Сямёнавіч. –Пасля заканчэння акадэміі з 2001 па 2007 гг. служыў экспертам экспертна-крыміналістычнага аддзялення ўпраўлення ўнутраных спраў адміністрацыі Ленінскага раёна г. Мінска. Затым тут жа оперупаўнаважаным аддзялення па наркакантролі і супрацьдзеянню гандлю людзьмі. Чаму змяніў накірунак? Так атрымалася, што падчас работы экспертам мяне неаднаразова прыцягвалі да расследавання і затрымання злачынцаў. І ў мяне нядрэнна атрымоўвалася, да таго ж, і падабалася.

Ад лейтэнанта да падпалкоўніка

З красавіка 2007 года па сямейных абставінах Віктар Сямёнавіч перавёўся ў Навагрудскі РАУС. Працягнуў службу ў групе па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі – спачатку звычайным операм, а затым старшым оперупаўнаважаным групы. З лістапада 2010 г. па верасень 2015 г. узначальваў аддзяленне крымінальнага вышуку.

– Лёгкай працы ў міліцыі няма, – упэўнены В.С. Шайпак. – У любым падраздзяленні органаў унутраных спраў, на любой пасадзе свае функцыі і задачы супрацоўнік міліцыі павінен выконваць нягледзячы ні на што і не лічачыся з асабістым часам. І чым вышэй пасада, тым больш абавязкаў і адказнасці. Я гэта разумеў заўсёды. Менавіта вопыт, атрыманы падчас службы экспертам і ў розных падраздзяленнях крымінальнай міліцыі, адказнае стаўленне да службы, давер з боку кіраўніцтва і калег, дазволілі мне ў верасні 2015 года заняць пасаду першага намесніка начальніка РАУС.

– У склад крымінальнай міліцыі, якую я ўзначальваю, уваходзіць тры падраздзяленні: аддзяленне крымінальнага вышуку, група па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі і група па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі, – працягвае размову Віктар Сямёнавіч. – Працуем у дзвюх накірунках – раскрыццё зноў выяўленых злачынстваў і злачынстваў мінулых гадоў. Сучасныя тэхналогіі і розныя віды экспертыз, дазваляюць раскрываць злачынствы, якія былі здзейснены нават дзесяткі гадоў таму. Хачу адзначыць, што на працягу апошніх гадоў узровень злачыннасці ў нашым раёне з’яўляецца адным з самых нізкіх у вобласці. Аператыўная абстаноўка застаецца стабільнай і падкантрольнай. І ў гэтым, вядома, заслуга не толькі супрацоўнікаў міліцыі, але і іншых структур, ведамстваў і суб’ектаў прафілактыкі.

Пра апероў

Ад дзейнасці супрацоўнікаў міліцыі залежаць спакой і дабрабыт людзей, іх упэўненасць у заўтрашнім дні і нават нярэдка жыццё. Перад міліцыянерамі, а асабліва аперамі, узнікае мноства сітуацый, якія патрабуюць неадкладнага рашэння і хуткіх дзеянняў.

– Оперупаўнаважаны павінен валодаць якасцямі, якія выклікаюць у грамадзян давер, павагу і жаданне дапамагчы ў раскрыцці злачынства, атрыманні інфармацыі і г.д., – сцвярджае Віктар Сямёнавіч. – Па службе даводзіцца сутыкацца з рознымі людзьмі, але дзяліць іх на добрых і дрэнных нельга. За кожным чалавекам – свая жыццёвая гісторыя. Я ніколі не цураюся падысці і павітаць чалавека, напрыклад, якога некалі садзіў у турму. Адданасць справе, стойкасць духу, прынцыповасць, сумленнасць, справядлівасць – на гэтых прынцыпах павінна будавацца службовая дзейнасць не толькі опера, але і любога міліцыянера.

– У шматлікіх кінастужках жыццё опера прадстаўлена як неверагодна прыгодніцкае і нават рамантычнае. У жыцці ўсё інакш. Руцінная праца, часам без сну і адпачынку, у імя адзінай мэты – усталяванне ісціны, – працягвае размову В.С. Шайпак. – І ўсё ж, ёсць фільмы і кінагероі, на прыкладзе якіх і сучасным супрацоўнікам органаў унутраных спраў ёсць чаму павучыцца. Адзін з самых вядомых і любімых сярод міліцыянераў – «Месца сустрэчы змяніць нельга» і яго галоўны герой Глеб Жыглоў, якога сыграў Уладзімір Высоцкі. Знакамітая фраза «Злодзей павінен сядзець у турме» для многіх аператыўных супрацоўнікаў стала пэўным арыенцірам у службовай дзейнасці. Хоць да сённяшняга дня вядуцца спрэчкі наконт правільнасці яго метадаў. Увогуле гаварыць і разважаць пра жыццё опера я магу бясконца…

«Я – хатні чалавек»

З гэтых слоў Віктар Сямёнавіч пачаў расказваць пра сваю сям’ю, якая, вядома, для любога чалавека з’яўляецца галоўным у жыцці. Жонка Іна Уладзіміраўна працуе галоўным бухгалтарам інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Навагрудскім раёне. Дзеці Паша і Маша і па знаку задыяка блізняты, і нарадзіліся ў адзін дзень, толькі сын на дзве хвіліны старэйшы.

– Зараз ім па 10 гадоў. Дзеці вельмі актыўныя: акрамя вучобы займаюцца ў школе мастацтваў, сын таксама спортам, а дачка – вакалам, – з гонарам гаворыць Віктар Сямёнавіч. – Хачу, каб яны выраслі добрымі людзьмі і ўсвядомілі, што толькі дзякуючы працавітасці і мэтанакіраванасці ў жыцці можна чагосці дабіцца. Таму часта бываю з імі даволі строгі. Увесь вольны час правожу з сям’ёй. Люблю займацца хатнімі справамі: у агародзе, гаражы, дома, гатаваць розныя стравы. Па магчымасці стараемся ездзіць у іншыя гарады, наведваць розныя цікавыя і памятныя мясціны, бываць на спартыўных мерапрыемствах. Аднак служба ёсць служба. Не рэдкасць, калі прыходзіцца паступацца ўласнымі планамі. З-за гэтага Іна даволі рэўнасна ставіцца да маёй работы (усміхаецца). Але, вядома, разумее, што ў міліцыі інакш проста не можа быць.

У 2015 годзе згодна з Загадам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь В.С. Шайпак узнагароджаны медалём «За бездакорную службу» ІІІ ступені. Гэта першая высокая ўзнагарода Віктара Сямёнавіча, але мы ўпэўнены, не апошняя.

Ссылка на официальный сайт uvd.grodno.by обязательна

Анастасія ПЯТРОВА, г. Навагрудак

Об авторе: Пресс-служба УВД Гродненского облисполкома


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *