Подписка на обновления  RSS  Письмо редактору
Цалкам адданы прафесіі
16:52, 25 апреля 2017

Цалкам адданы прафесіі


Ужо праз год пасля таго як пачаў служыць у ДАІ, Дзмітрый Віктаравіч Аскерка стаў лепшым у вобласці па выяўленні правапарушэнняў і гэту пазіцыю ён трымае вось ужо на працягу шасці гадоў. Па выніках працы за 2012 год прызнаны лепшым па прафесіі ў абласным спаборніцтве сярод інспектараў дарожна-патрульнай службы. Дзмітрый Віктаравіч адзіны з дзеючага састава аддзела дзяржаўтаінспекцыі Навагрудскага РАУС удастоены нагруднага знака “Выданік ДАІ”. Адданы прафесіі і сапраўдны прафесіянал. Ён не проста выконвае свае службовыя абавязкі, а сапраўды служыць на карысць людзей і краіны.

Родам Дзмітрый Віктаравіч з в. Бор. Вырас у простай сям’і. Ён упэўнены, што працавітасць яму дасталася менавіта ад бацькі. Пасля заканчэння дзевяці класаў Любчанскай сярэдняй школы паступіў у Мірскае мастацкае вучылішча, дзе атрымаў спецыяльнасць рэстаўратара. Яму падабалася маляваць, шмат гадоў займаўся разьбой па дрэву, але заўсёды хацеў служыць у міліцыі і ведаў, што некалі ён дасягне сваёй мэты.

– Закончыў вучылішча, адслужыў у арміі і некаторы час жыў і працаў у Мінску, – расказвае Дз.В. Аркерка. – Але ад мары стаць міліцыянерам не адказаўся, пры чым служыць хацеў менавіта ў дзяржаўтаінспекцыі. У 2006 годзе вярнуўся на Навагрудчыну і пайшоў служыць кантралёрам у ЛПП-5. Завочна закончыў Маладзечанскі юрыдычны тэхнікум і паступіў у Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. У ДАІ я перайшоў у 2009 годзе. Зараз займаю пасаду старшага дзяржаўтаінспектара.
– Як і любы міліцыянер супрацоўнік ДАІ павінен валодаць пэўнымі якасцямі –быць справядлівым, прынцыповым, фізічна трывалым, умець захоўваць спакой у складаных сітуацыях, выдатна ведаць нарматыўна-прававую базу. Аднак галоўнае – у любой сітуацыі неабходна заставацца чалавекам, – лічыць Дзмітрый Віктаравіч.

Не сакрэт, што такая самаадданасць службе вельмі часта негатыўна сказваецца на сямейным жыцці.
– Мне пашчасціла. Мая жонка Таццяна ўсё разумее, з павагай адносіцца да маёй прафесіі і ніколі не скардзіцца, што я мала бываю дома, – дзеліцца Дзмітрый Віктаравіч. – Я ж у сваю чаргу кожны выхадны дзень і водпуск, канешне, правожу з сям’ёй. Ёсць і захапленні. Па магчымасці хаджу ў трэнажорны зал, летам езджу на веласіпедзе, зімой – катаюся на каньках, люблю чытаць і ўсе хатнія справы раблю сам.
Пра такіх людзей як Дзмітрый Віктаравіч кажуць, што яны на сваім месцы. Наша гутарка адбывалася так сказаць без адрыву ад службы. Усяго пары гадзін хапіла для таго, каб пераканацца, што інспектар ДПС – гэта яго прызванне.

Анастасія ПЯТРОВА

Об авторе: Пресс-служба УВД Гродненского облисполкома


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *