Подписка на обновления  RSS  Письмо редактору
Дзеля спакою і мірнага жыцця
12:00, 18 октября 2018

Дзеля спакою і мірнага жыцця


Старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі Дзятлаўскага раённага аддзела міліцыі Аляксандр Вікенцьевіч Ламака – жаданы госць у будынку, які калісьці быў узведзены дзякуючы яго асабістым намаганням. Зараз гэта сучасны, добра ўсталяваны аддзел унутраных спраў, але, перш за ўсё, галоўнае ў ім – людзі, якія носяць ганаровае званне – “міліцыянер”.

Уважліва паглядзеўшы на мяне, Аляксандр Вікенцьевіч прапанаваў прысесці, а сам сеў насупраць: “Калі ласка, сядайце, будзем размаўляць! З чаго пачнем?”

– З маладосці! Машына часу існуе ў кожнага, а завецца яна – “памяць”. Узгадаем, з чаго пачыналася самастойнае Ваша жыццё.

– Пачыналася яно тады, калі я скончыў дзесяцігодку. У той час атрымаць пашпарт і паехаць, куды задумаў, было не так проста, моладзь з калгасаў не адпускалі. Маці прыйшлося ісці да старшыні і прасіць даведку, якая дазволіла звярнуцца ў Казлоўшчынскі пашпартны стол, каб атрымаць пашпарт. Толькі тады, даведаўшыся, што горна-прамысловае вучылішча набірае навучэнцаў, я разам са сваім сябрам накіраваўся на Украіну ў горад Чырвоны Прамень. Не адразу – па абставінах вымушаны быў амаль два тыдні чакаць сябра на вакзале, які вярнуўся дадому за грашыма, але ўсё ж такі пры дапамозе добрых людзей трапіў у вучылішча, вывучыўся на машыніста электравоза і працаваў на шахце глыбінёй 1700 метраў.

– Цікавы пачатак. А што было далей?

– Потым была армія, і пасля трох гадоў службы я зноў вярнуўся ў шахту. Неяк заўважыў аб’яву, што Данецкая спецыялізаваная школа міліцыі запрашае на вучобу. Вырашыў паступіць, але для гэтага было неабходнай умовай атрымаць дазвол бацькоў. Я паехаў дамоў, але так выйшла, што застаўся там назаўсёды.

Жаданне працаваць у міліцыі не страціў і праз некаторы час накіраваўся ў Дзятлаўскі райаддзел. Начальнік накіраваў мяне на пасаду ўчастковага па Дварэцкім сельсавеце. Ішоў 1967 год.

– Круты паварот у Вашай біяграфіі, Аляксандр Вікенцьевіч. Так здараецца, калі чалавек шукае сваё прызванне…

– Верагодна, так. Першы вопыт паказаў, што я не памыліўся. Мой занятак мне спадабаўся. Спачатку абслугоўваў два калгасы: імя Канстанціна Заслонава і імя Чкалава. Даводзілася пешшу абходзіць участкі, а зімой выдзялялі каня і сані, калі-нiкалі калгас даваў машыну. Ведаеце, нават затрыманых даводзілася дастаўляць у аддзел на спадарожным транспарце. Дапамагалі народныя дружыннікі, старшыні сельсавета і калгаса – В.С.Сёмуха і І.І.Кахновіч, былі і пазаштатныя ўчастковыя.

– І да якога часу Вы працавалі ўчастковым?

– У 1974 годзе мяне назначылі начальнікам раённага аддзела пазаведамаснай аховы. У той час у ахове толькі я адзін быў атэставаны і насіў форменнае адзенне. Быў у мяне і памочнік, інспектар, астатнія – вартаўнікі. Праз некаторы час вырашыў, што трэба вучыцца далей і паступіў на завочнае аддзяленне Мінскай вышэйшай школы міліцыі.

– Верагодна, і пасаду потым змянілі?

– Так, пасля заканчэння быў пераведзены на пасаду намесніка міліцыі крымінальнага вышуку. Прайшоў толькі першы тыдзень маёй службы, калі ў раёне адбылося забойства маладога чалавека ў вёсцы Старына. Злачынцу знайшлі, асудзілі, а праз дваццаць гадоў я выпадкова сустрэў яго. І вось ён тады расказаў, што ў час пошуку, калі мы з напарнікам зайшлі ў будынак, бачыў, як я паднімаўся па прыступках наверх у гарышча, і стаяў, прыгатаваўшы вілы. Але я не заўважыў яго ў поцемках і вярнуўся назад. А зрабі я яшчэ адзін крок…

– Ведаю, што апошні час перад пенсіяй Вы ўзначальвалі Дзятлаўскі аддзел міліцыі.

– Хочаце даведацца, ці лёгка быць кіраўніком? – папярэдзіў маё пытанне суразмоўца. – Гэта заўсёды складана. Ад твайго рашэння залежыць будучыня, людскія лёсы. Першае, што я зразумеў і заўсёды прытрымліваўся гэтага пераканання – трэба ставіцца да людзей з павагай. Ніколі не лічыўся з асабіс-тым часам, працаваў, колькі было патрэбна, не думаючы пра адпачынак. Ведаю, ніхто не застаўся на мяне пакрыўджаным, бо я прымаў заўсёды справядлівае рашэнне. Гэтым вопытам дзяліўся з маладымі праваахоўнікамі і раблю цяпер, узначальваючы ветэранскую арганізацыю.

Дарэчы, мае ўзнагароды – усе тры ступені медалёў “За бездакорную службу”, “Выдатнік міліцыі”, “Ветэран працы”, шматлікія граматы і падзякі – даказваюць, што працаваў я добрасумленна і не бавіў марна час. Прызнацца, ніколі не думаў я аб узнагародах, проста стараўся добра выконваць свае абавязкі.

– Якімі справамі жывуць ветэраны? Чым займаецеся асабіста Вы?

– Першае, што мы робім – пад-трымліваем былых супрацоўнікаў, іх сем’і, сустракаемся з маладымі міліцыянерамі, адзначаем памятныя даты і святы, праводзім дні адпачынку на прыродзе. У розных напрамках нас падтрымлівае кіраўніцтва аддзела, калі трэба – дапамагае, за што ветэранская арганізацыя – а нас усяго 47 чалавек – вельмі ўдзячна. Узначальваю арганізацыю з 2000 года, за гэты час зроблена вельмі шмат.

Я таксама знаходжу сабе занятак. Люблю рыбачыць, збіраць грыбы, а то іншы раз займуся тэхнікай. У свой час метка страляў, вадзіў матацыкл «К-750», удзельнічаў у спаборніцтвах. Засталіся добрыя ўспаміны… На жаль, ужо няма са мной маёй жонкі, з якой мы выгадавалі чатырох сыноў, дарэчы кажучы, трое з іх пайшлі па маіх слядах.

Ад імя ветэранскай арганізацыі і ад сябе асабіста віншую са 100-годдзем крымінальнага вышуку ўсіх, хто працаваў і працуе зараз у гэтай небяспечнай, але ганаровай службе, жадаю бадзёрасці, высокіх вынікаў працы і дабрабыту. Беражыце гонар і будзьце заўсёды справядлівыя! А напярэдадні свята ветэранаў жадаю моцнага здароўя ўсім, хто ўсё сваё жыццё аддаў дзеля спакою і мірнага жыцця грамадзян нашай краіны.

Таццяна Сілкова

Фота аўтара

Об авторе: Пресс-служба УВД Гродненского облисполкома


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *